Жыццё і дабрабыт нашых продкаў залежалі ад штодзённай цяжкай працы на зямлі, ведання прыродных законаў, умення ладзіць свой быт. Яны былі назіральныя і мудрыя, хоць часам у нечым крыху наіўныя. Пільна ўглядаючыся ў навакольную прыроду, людзі бачылі пэўную сувязь паміж некаторымі прыроднымі з’явамі і вынікам сваёй працы — добрым ураджаем:
«Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы».
Аналізуючы свае назіранні, людзі заўважалі пэўныя заканамернасці. На іх падставе рабілі высновы, як разумна весці гаспадарку:
«Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе».
Гэтыя падказкі — народныя прыкметы — паступова распаўсюджваліся ў народным асяроддзі і станавіліся штодзённымі дарадцамі селяніну. Яны прадказвалі надвор’е і дапамагалі размеркаваць сілы, каб своечасова распачаць працу (сеяць, выганяць на пашу жывёлу, збіраць ураджай), засцерагалі ад неабачлівых паводзін:
«Калі год сухі, купляй пчолку, калі мокры — кароўку».
Прыкмета — трапнае народнае выслоўе, у якім прадказваецца пэўны вынік, пацверджаны шматвяковым народным вопытам. Народныя прыкметы па форме і змесце набліжаюцца да прыказак і загадак. Яны распавядаюць пра сусвет, прыродныя з’явы і іх наступствы, пра сялянскі побыт і клопаты хлебароба:
«Жураўлі ляцяць высока — зіма яшчэ далёка»,
«Студзень пагодны — год будзе плодны».
Сціслыя, дакладныя, вобразныя прыкметы лёгка запаміналіся і беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне, захоўваючыся ў памяці людзей. Ад прыкмет трэба адрозніваць павер’і. Павер’е — вусны народны аповед, заснаваны не на жыццёвым вопыце, а на фантазіі, выдумцы, часам на містыцы. Няўменне чалавека растлумачыць многія прыродныя з’явы выклікала ў яго страх, абуджала фантазію, нараджала неверагодныя здагадкі. Людзі шчыра верылі, што зязюля здольная сваім куваннем прадказаць працягласць чалавечага жыцця, што сонечнае зацьменне — прадвеснік няшчасця ці войнаў, а маланкі і грымоты сведчаць, што сілы прыроды злуюцца на людзей. Сапраўдным вешчуном у народзе лічыўся бусел. Калі людзі бачылі яго, пыталіся:
«Бусел-калода, што заўтра будзе — дождж ці пагода?»
Бусел махае крыламі — будзе дождж, ціха лунае над зямлёю ці апусціцца ўніз — на добрае надвор’е. Прыкметы і павер’і, якія дайшлі да нас, — толькі невялікая часцінка духоўнага народнага скарбу. Многае знікла без следу, і толькі дзякуючы руплівым збіральнікам гэтыя зярняткі народнай мудрасці захаваліся да нашых дзён. Яны сведчаць пра незвычайную ўражлівасць нашых продкаў, іх фантазію, жаданне спасцігнуць незразумелае, таямнічае.
Комментариев нет:
Отправить комментарий